АНДРО́САЎСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1667.

Падпісана паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 9 лют. ў в. Андросава (Андрусава; на мяжы Мсціслаўскага і Смаленскага ваяв.) тэрмінам на 13,5 года; закончыла вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Паводле дагавора да Расіі перайшлі Смаленскае ваяв. з гарадамі Дарагабуж, Белая, Красны, Невель, Веліж і Себеж і Северская зямля з Чарнігавам і Старадубам. Рэч Паспалітая прызнала далучэнне Левабярэжнай Украіны да Расіі і згадзілася на перадачу Расіі Кіева да 1669 (не быў вернуты Рэчы Паспалітай). Запарожская Сеч апынулася пад агульным кіраўніцтвам абедзвюх дзяржаў. Беларусь і Правабярэжная Украіна засталіся ў межах Рэчы Паспалітай, іх насельніцтву гарантавалася свабода правасл. веравызнання і недатыкальнасць праваслаўных епархій. Андросаўскае перамір’е стала пачаткам саюзу Расіі і Рэчы Паспалітай супраць Турцыі і Крымскага ханства.

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)